МІКАШЭ́ВІЦКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў з 1898 у мяст. Мікашэвічы Мазырскага пав. (цяпер рабочы пас. у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл). Выпускаў дошкі, фанеру, гонту, сталярныя і буд. матэрыялы і інш. Меў паравую машыну (60 к.с.), з 1910—3 паравыя рухавікі (200 к.с.), склады ў Маскве, Харкаве, Адэсе, Лондане і Парыжы. У 1913 працавала 250 чал. У гады 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў быў разбураны. Пазней адноўлены, рэканструяваны і пашыраны. Цяпер цэх лесапілавання і дрэваапрацоўкі Мікашэвіцкага леспрамгаса.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)